Літаратурна-музычная кампазіцыя
"Светлай памяці Максіма Багдановіча прысвячаецца..."
Вядучы 1. Ёсць паэты, якія пішуць творы, каб потым з іх выдаць выбранае, але ёсць і паэты, што пішуць толькі выбранае. Да такіх і належыць Максім Багдановіч. Вялікі грамадзянін і патрыёт, паэт з рэдкім мастацкім дарам, перакладчык, крытык.
Вядучы 2. Класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч нарадзіўся 9 снежня 1891 года ў Мінску ў сям’і педагога, вучонага-этнографа. 4 кастрычніка 1896 памірае маці будучага паэта. Хлопчыку было ў гэты час няпоўных 5 гадоў. Праз месяц бацька Максіма назаўсёды пакідае Беларусь і пасяляецца ў Ніжнім Ноўгарадзе, а затым – у Яраслаўлі.
Вядучы 1. Скульптар Сяргей Гумілеўскі зазначае: “Унікальна, што, жывучы ў Расіі, Багдановіч збярог духоўную сувязь з Радзімай. Стварыць такія вобразы-сімвалы мог толькі чалавек, які любіў свой край, сваю культуру, сваю мову…”
1-шы чытальнік.
Гучыць верш Максіма Багдановіча “Пагоня”
Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах, -
Ўспомню Вострую Браму святую
I ваякаў па грозных канях.
Ў белай пене праносяцца коні, -
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.
У бязмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі - гады.
Вы за кім у пагоню спяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?
Мо яны, Беларусь, панясліся
За тваімі дзяцьмі ўздагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон?
Бійце ў сэрцы іх - бійце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць...
Маці родная, Маці-Краіна!
Не усцішыцца гэтакі боль...
Ты прабач, Ты прымі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь!..
Ўсё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць
Вядучы 2. Падчас вучобы ў Яраслаўскай гімназіі Максім Багдановіч пасябраваў са сваімі аднакласнікамі. Асабліва зблізіўся ён з Рафаілам Какуевым і стаў наведваць яго дом. Тут збіралася гімназічная моладзь, юнакі і дзяўчаты спявалі, чыталі вершы. Максім пазнаёміўся з сястрой сябра Ганнай Какуевай. Абодва гадаваліся сіротамі без мам, якіх рана забраў туберкулёз. Ядналі іх духоўныя інтарэсы: захапленне літаратурай, музыкай. Паміж маладымі людзьмі ўспыхнула каханне. Але іх дарогам не суджана было сысціся. Ганна Какуева натхніла паэта на стварэнне многіх шэдэўраў інтымнай лірыкі.
Гучыць песня “Вераніка” (муз. І.Лучанка)
Iзноў пабачыў я сялібы,
Дзе леты першыя прайшлі:
Там сцены мохам параслі,
Вясёлкай адлівалі шыбы.
Усё ў пылу. I стала мне
Так сумна, сумна ў цішыне.
Я ў сад пайшоў... Усё глуха, дзіка,
Усё травою зарасло.
Няма таго, што раньш было,
I толькі надпіс “Вераніка”,
На ліпе ўрэзаны ў кары,
Казаў вачам аб тэй пары.
Расці, узмацовывайся, дрэва,
Як манумент жывы, уставай
I к небу надпіс падымай.
Хай нерухомы словы спева:
Чым болі сходзіць дзён, начэй,
Тым імя мілае вышэй.
2-і чытальнік.
Учора шчасце толькі глянула нясмела,
І развеяліся хмары змрочных дум.
Сэрца чулае і млела, і балела,
Радасць душу мне шчаміла, быццам сум.
Усё жыццё цяпер, як лёгкая завея,
Кнігу разгарнуў – а не магу чытаць.
Як зрабілася, што пакахаў цябе я, –
Хіба знаю я? Ды і нашто мне знаць?
3-і чытальнік.
Толькі чаму ж гэта ў ночы глыбокія,
Даўшы спачынак стамлёным вачам,
Я шапачу цераз сны адзінокія:
“Аня… мая…нікаму не аддам”.
Вядучы 1. Аня Какуева добра ведала замежныя мовы, любіла паэзію, асабліва Поля Верлена, цудоўна іграла на раялі. У цёплыя летнія вечары, калі моладзь у час канікулаў дапазна гуляла ў гарадкі, святло ранняй зоркі Венеры, якую дзяўчына называла сваёй любімай зоркай, стала для паэта сімвалам кахання.
Вядучы 2. Максім і Аня жылі ў розных гарадах. Цётка, якая замяніла дзяўчыне маці, была супраць яе адносін з хворым паэтам.
Успамінаючы каханую, паэт у 1912 годзе напісаў верш “Раманс”, эпіграфам да якога ўзяў словы французскага паэта Сюлі Прудома:
Калі заблішчыць гэта зорка,
Самая цудоўная, самая далёкая,
Скажыце ёй, што толькі ёй адной
Належыць маё каханне…
Гучыць раманс “Зорка Венера” (муз.Сымона Рака-Міхайлоўскага)
Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
Светлыя згадкi з сабой прывяла...
Помнiш, калi я спаткаўся з табою,
Зорка Венера ўзышла.
З гэтай пары я пачаў углядацца
Ў неба начное i зорку шукаў.
Цiхiм каханнем к табе разгарацца
З гэтай пары я пачаў.
Але расстацца нам час наступае;
Пэўна, ужо доля такая ў нас.
Моцна кахаў я цябе, дарагая,
Але расстацца нам час.
Буду ў далёкім краю я нудзіцца,
Ў сэрцы любоў затаіўшы сваю;
Кожную ночку на зорку дзівіцца
Буду ў далёкім краю.
Глянь іншы раз на яе, – у расстанні
Там з ёй зліём мы пагляды свае...
Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,
Глянь іншы раз на яе...
Вядучы 1. У 1911 г. рэалізавалася мара паэта сустрэцца са сваёй радзімай, з роднай зямлёй, у якой навечна засталася маці. Пасля заканчэння вучобы ў Яраслаўскай гімназіі наведаў Вільню, дзе пазнаёміўся са славутымі дзеячамі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху братамі Луцкевічамі, беларускім пісьменнікам, гісторыкам, філолагам, літаратуразнаўцам Вацлавам Ластоўскім. Па запрашэнні Луцкевічаў Максім Багдановіч амаль усё лета жыў у фальварку Ракуцёўшчына каля Маладзечна. Да гэтага часу ён меў толькі кніжнае ўяўленне аб Беларусі, але тут, у 20-гадовым узросце змог зблізку ўбачыць беларускую прыроду, жыццё і побыт беларусаў. У Вільні малады паэт азнаёміўся ў прыватным беларускім музеі братоў Луцкевічаў з калекцыямі старажытных рарытэтаў – слуцкіх паясоў, і пад іх уражаннем напісаў верш "Слуцкія ткачыхі". У гэтым творы аўтар расказвае сумную гісторыю прыгонных ткачых, апісвае хараство роднай зямлі, паэтызуе ўмельства майстрых ткаць залатыя паясы, дзе "заміж персідскага ўзора цвяток радзімы васілька".
4-ы чытальнік.
Гучыць верш “Слуцкія ткачыхі”
Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.
І цягам доўгія часіны,
Дзявочыя забыўшы сны,
Свае шырокія тканіны
На лад персідскі ткуць яны.
А за сцяной смяецца поле,
Зіяе неба з-за акна —
І думкі мкнуцца мімаволі
Туды, дзе расцвіла вясна,
Дзе блішча збожжа ў яснай далі,
Сінеюць міла васількі,
Халодным срэбрам ззяюць хвалі
Між гор ліючайся ракі.
Цямнее край зубчаты бора...
І тчэ, забыўшыся, рука
Заміж персідскага ўзора
Цвяток радзімы васілька.
Вядучы 2. Максім Багдановіч стварыў адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў “Вянок”. Сюды ўвайшлі вершы, прысвечаныя тэме Радзімы, мастацтву, таленавітасці беларускага народа, філасофскім разважанням, каханню.
5-ы чытальнік.
Гучыць верш “Па-над белым пухам вішняў”
Па-над белым пухам вiшняў,
Быццам сiнi аганёк,
Б'ецца, уецца шпаркi, лёгкi
Сінякрылы матылёк.
Навакол усё паветра
Ў струнах сонца залатых, —
Ён дрыжачымi крыламi
Звонiць ледзьве чутна iх
I лiецца хваляй песня —
Цiхi, ясны гiмн вясне.
Цi не сэрца напявае,
Навявае яго мне?
6-ы чытальнік.
Цi не вецер гэта звонкi
Ў тонкiх зёлках шапацiць?
Або мо сухi, высокi
Ля ракi чарот шумiць?
Не паняць таго нiколi,
Не разведаць, не спазнаць:
Не даюць мне думаць зыкi,
Што ляцяць, дрыжаць, звiняць.
Песня рвецца i лiецца
На раздольны, вольны свет.
Але хто яе пачуе?
Можа толькi сам паэт.
Гучыць верш М.Багдановіча “ Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы”
Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
У ціхую сінюю ноч
I сказаць:
«Бачыце гэтыя буйныя зоркі,
Ясныя зоркі Геркулеса?
Да іх ляціць нашае сонца,
I нясецца за сонцам зямля.
Хто мы такія?
Толькі падарожныя, –
папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?»
7-ы чытальнік.
Гучыць верш М.Багдановіча “Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог”
Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог
Улажылі спаць мяне вы на зямлі.
Не курыцца светлы пыл усцяж дарог,
У небе месяца праглянуў бледны рог,
У небе ціха зоркі расцвілі.
Знічка коціцца агністаю слязой,
Прашумела мякка скрыдламі сава;
Бачу я, з прыродай зліўшыся душой,
Як дрыжаць ад ветру зоркі нада мной,
Чую ў цішы, як расце трава.
8-ы чытальнік.
Гучыць верш М.Багдановіча “Зімовая дарога”
Шпарка коні імчацца ў полі,
Сумна бомы гудзяць пад дугой,
Запяваюць аб долі і волі,
Навяваюць у сэрцы спакой.
Ўюцца змейкай срабрыстай дарожкі,
Брызгі золата ў небе блішчаць,
І маркотныя месяца рожкі
Праз марозную мглу зіхацяць.
Поле нікне ў срэбным тумане,
Снег блішчыць, як халодная сталь,
І лятуць мае лёгкія сані,
Унашуся я ў сінюю даль.
9-ы чытальнік.
Гучыць верш М.Багдановіча “Зімой”
Здароў, марозны, звонкі вечар!
Здароў, скрыпучы, мяккі снег!
Мяцель не вее, сціхнуў вецер,
I волен лёгкіх санак бег.
Як мары, белыя бярозы
Пад сінявой начной стаяць,
У небе зоркі ад марозу
Пахаладзеўшыя дрыжаць.
Вільготны месяц стуль на поле
Празрысты, светлы стоўп спусціў
I рызай срэбнаю раздолле
Снягоў сінеючых пакрыў.
Узрывайце ж іх санямі, коні!
Звіні, вясёлых бомаў медзь!
Вакол лятуць бары і гоні,
У грудзях пачала кроў кіпець
10-ы чытальнік.
Гучыць байка М.Багдановіча “Варона і чыж”
Прыгода гэтая не так даўно была.
К Чыжу (а сілы ён, як ведама, не мае)
Варона падступае:
— Скажы, ці я падобна да Арла?
Тут бачыць Чыж — з Варонаю не жарты,
А ўласны хахалок чаго-небудзь ды варты.
— Зусім Арол, — адказвае Чыж
Вароне клятай з клёна.
— Ну то ж бо то! Глядзі ж! —
З ласкаваю гразьбою пракаркала Варона
І паляцела стуль далей.
Ўсё тое бачачы, здзівіўся Верабей:
— Браток! Ці ж ты вачэй не маеш?..
Арлом варону называеш.
Чыж, засаромеўшыся, так пачаў казаць:
— Я гэтым не зрабіў благога.
Дай бог Арла Варонай не называць;
Варону жа Арлом — нічога.
Вядучы 1. Над сям’ёй Багдановічаў як жахлівы дамоклаў меч вісела невылечная на той час хвароба – туберкулёз. Спачатку яна забрала маці, Марыю Апанасаўну, за ёю – сястрычку Ніначку. У 19 гадоў памёр брат Вадзім. Туберкулёз рана выявіўся і ў Максіма. Бацька прымаў меры засцярогі, вазіў на лячэнне ў Крым, тым не менш хвароба то абвастралася, то прытухала. Паэт ведаў пра жахлівы яе прысуд для самога сябе.
11-ы чытальнік.
Гучыць верш Міхася Рудкоўскага “Апошняя малітва Максіма Багдановіча”
“Краю мой любы, краю мой мілы,
Як бы сустрэцца з табою хацеў!
Меў бы я сілы, меў бы я крылы –
Ураз бы к табе паляцеў.
Каб прытуліцца да роднай зямліцы
Сэрцам збалелым і з думай-жальбой,
Вечным паклонам табе пакланіцца
І развітацца з табой.
Лёс ужо лічыць не дні, а хвіліны…
Рана…Так рана!.. А хочацца жыць…”
Над анямелаю бухтаю сіняй
Зорка Венера дрыжыць…
Вядучы 2. Пасля заканчэння Яраслаўскага юрыдычнага ліцэя Максім Багдановіч вырашае вярнуцца ў Мінск. Паэт на той час быў ужо цяжка хворы. У 1916 г. Багдановіч прыехаў у Мінск. Прытулак яму даў Змітрок Бядуля. Паэт удадкаваўся на працу ў Беларускі камітэт дапамогі ахвярам вайны.
Вядучы 1. Неўладкаваны побыт, напружаная праца згубна паўплывалі на стан здароўя Багдановіча. Сябры сабралі грошы і адправілі Максіма ў Ялту са спадзяваннем , што ён падужэе.
Вядучы 2. 1917 год. Люты. Апошняе падарожжа Максіма. Ялта. Дом №8 на вуліцы Мікалаеўскай.
Вядучы 1.У свае апошнія дні Багдановіч пераглядаў вершы з “Вянка”, працаваў над новым беларускім лемантаром, які так і не закончыў.
Вядучы 2. Памёр паэт у ноч з 24 на 25 мая ў адзіноце, бо сястра міласэрнасці прыходзіла толькі ўдзень. За дзень да смерці Багдановіч напісаў апошнія радкі на вокладцы:
У украіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты.
12-ы чытальнік.
Гучыць верш Анатоля Грачанікава “Максіму Багдановічу”
Калі паміраюць паэты,
Што ні перад кім не гнуцца, —
У чалавецтва прасветы
На ўсе вякі застаюцца.
I ні пры чым тут гены,
Што правяць жыццём і светам,
Паэтам няма замены,
Няма замены паэтам!
Калі паміраюць паэты,
Калі яны паміраюць, —
Няпраўда, што ўсе сакрэты
Нам яны пакідаюць.
Яны забіраюць з сабою
Талент свой адмысловы,
Кінуўшы ў мора людское
Свае несмяротныя словы.
Калі паміраюць паэты,
Што ні перад кім не гнуцца, —
У чалавецтва прасветы
На ўсе вякі застаюцца.
Вядучы 1. Бязлітасная смерць абарвала яго жыццё ў 25 гадоў. Паэт памёр самотна ўдалечыні ад Беларусі. Памёр і жыве. Жыве ў ахвярным служэнні Бацькаўшчыне, жыве ў мудрых думках, высакародных пачуццях, жыве ў вершах, прысвечаных яму.
13-ы чытальнік.
Гучыць верш У.Мазго “Свята паэзіі ў Ракуцёўшчыне”
Мы прыедзем у гэты куток –
Хто мы ёсць на зямлі –
Не забыцца,
Свой адчуць спакон вечны выток
І табе яшчэ раз пакланіцца.
Развярэджанай памяці млын
Перамеле журбу нашу. Верым
Мы не ў горкую зорку Палын,
А ў святло незгасальнай Венеры.
Каб, далёкі ад ядзерных зім,
Родны кут адраджаўся вясновы,
Нашы душы адтаюць,
Максім,
Ад твайго пранікнёнага слова.
Будуць доўга ў прасторах лунаць
Незабыўныя вершы
І песні.
Каму лёс на чужыне канаць –
На радзіме сваёй уваскрэсне.
Дагарыць у кастры бервяно
Не адно
На паляне вялікай.
Здыме сонца, нібыта вянок,
З вечаровых нябес
Вераніка…
14-ы чытальнік.
Гучыць верш Ніла Гілевіча “Апошняе спатканне з Веранікай”
Далёка ад роднага краю,
Чый вобраз па кроплі збіраў,
У трызненні белага маю
Самотны паэт паміраў.
Ён ведаў, што болей не ўстане,
Апошнія злічаны дні.
Чаму ж аніхто не загляне
З вялікай і мілай радні?
Няшчасная доля – памерці
У смутку-тузе аднаму.
Дзвярыма на першым паверсе
Хтось грукнуў, здалося яму.
Во – крочыць па ўсходках рыпучых,
Во – клямкаю бразгае ўжо.
I стала ад шчасця балюча:
Няўжо гэта праўда? Няўжо?
О Божа! Сама Вераніка!
Яго Вераніка стаіць!
Галоўкаю русай панікла,
Журботна, тужліва глядзіць.
Букет васількоў і рамонкаў
Сціскае ля сэрца рукой...
Праклятая Богам старонка
Зайшла да паэта ў пакой!
– Ну, што ж ты стаіш, Вераніка?
Не бойся! Бліжэй падыдзі!
Я столькі гадоў цябе клікаў –
I ўсё заставаўся адзін!
Я зведаў хвіліну адчаю
У гэтай чужой старане.
Цяпер адзінота, я знаю,
Навечна пакіне мяне...
За вокнамі пеніўся буйна
Захмелены ялцінскі май.
За вокнамі ўсплёснула бухта:
– Не плач, Вераніка! Бывай!
Яшчэ ты паспееш самотна
Наплакацца ў горкай журбе.
Яшчэ ты адчуеш, як моцна
Яго не хапацьме табе.
15-ы чытальнік.
Гучыць верш Віктара Гардзея “Максіму Багдановічу”
Зноў усход палымнее над ніваю:
Зорны час, звонкі дзень, светлы міг.
Дабратой і пяшчотай зычліваю
Б’е крыніца паэтавых кніг.
Ялта веку суровага рысамі
Адлюструецца ў чыстай вадзе,
А сцяжынка паміж кіпарысамі
Да блакітнай магілы вядзе…
Халадком ці журбою павеяна?
Васількі? Божа мой, васількі!
Тут іх Лось Еўдакія пасеяла –
І любві, і радзімы цвяткі.
16-ы чытальнік.
Гучыць верш Віктара Шведа “Максім Багдановіч”
Дзе Чарнамор’я пеністыя хвалі
Аб прыбярэжны дробяцца валун,
Там сумныя акорды прагучалі
З апошніх, абарваных лёсам струн.
І цудадзейная замоўкла ліра,
Замоўк хваробай скошаны пясняр.
І толькі ў песні, маладой і шчырай,
Пульсуе думка, ззяюць промні мар.
У ёй жыве наш край гаротны, ціхі,
У спелым жыце васількі цвітуць,
І імі трызняць слуцкія ткачыхі,
Што паясы на лад персідскі ткуць.
Вядучы 1. Непадалёку ад вёскі Ракуцёўшчына, дзе некаторы час жыў Максім Багдановіч, вучні ў знак сваёй любові да паэта пасадзілі дрэўцы… Гэты парк дзеці назвалі “Максімаў сад”.
17-ы чытальнік.
Гучыць верш Пятруся Макаля “Максімаў сад”
Скажыце мне, чаго вам, дрэвы, трэба,
Жыццёвай важнай мудрай прастаце?
Галінам – неба, а карэнням – глеба…
Максімаў сад расце.
Прыйшоў на гэты ўзгорак дзень шчаслівы –
дужэе сад здзяйсненняў і надзей,
пакуль жыве садоўнік клапатлівы –
любоў людзей.
Душою тулім да сябе выгнанцаў.
З любых гадоў, з любой далечыні
сваіх айчынных песняроў-абранцаў
пачуеш – толькі сэрца расчыні.
Мы любім пальмы, але ўсё-ткі пальмы
Не дужа лашчаць нам жыццёвы слых.
Святкуем мы, калі пясняр апальны
Вяртаецца да нас з часоў былых.
Няхай іх лёс у песнях не апеты,
Але куды б іх ні закінуў лёс,
Дамоў, дамоў вяртаюцца паэты
Садамі, звонам сосен і бяроз.
Дыханнем нашым саджанцы сагрэты,
Любоўю той, якое пры жыцці
Так не хапала з веку ў век паэту…
Народны сад, Максімаў сад, расці!