top of page

Свята ў Паўлінкі

(Літаратурная кампазіцыя)

Сцэна прыбрана пад інтэр’ер вясковай хаты. Направа ад гледачоў – стол, каля стала - лавы, зэдлікі, налева (у кутку)-стылізаваная печ. Насупраць - сцяна і дзверы ў бакоўку.

З’ЯВА 1

Паўлінка сядзіць на лаве і пільна шые крамны кафтанік. Паўлінка спявае:

 

Ой, пайду я лугам, лугам,

Дзе мой мілы арэ плугам;

Ой, пайду я лугам, лугам!

Ён арэ поле валамі,

А я плачу ўсё слязамі;

Ён арэ поле валамі.

(Перастаўшы пець) - Э-Э, штось не пяецца сёгоння. Неяк сэрцайка трасецца, як бы хто яго знячэўку перапужаў. А мо гэта песня вінавата? Даліпантачкі, аніяк не магу сама з сабой да ладу прыйсці. Хутчэй бы ўжо хлопцы і дзяўчаты да нас завіталі.

 

(Устае, пакідае на ложку сваю працу. Пачынае накрываць стол абрусам. Растаўляе посуд. На сцэне з’яўляецца Сцяпан Крыніцкі і гаспадыня Альжбета.)

Сцяпан (вясёлы ўваходзіць з Альжбетай з сенцаў і прыпявае):

Дзе мы едзем, дзе мы йдзем.

Карчмы не мінаем;

Дзе заедзем, дзе зайдзем,-

Там і пагуляем.

 

Альжбета (кладучы пакупкі на куфар і раздзяваючыся, да Сцяпана). Не смяшы ты людзей. Калі пагуляў добра, дык ляж ды спаць!

 

Сцяпан. Маўчы, баба! Ты, каханенькая-родненькая, нічога не разбіраеш… Валасы доўгія, а розум кароткі.

 

Ой, там, на гарэ,

Мужык жонкай арэ…(хоча абняць Альжбету)

Альжбета(адпірхнуўшы). Ах ты, гнілая качарыжка! Надумаў чаго!

 

Паўлінка. Тата! Ды кіньце ўжо!.. Ось лепей раздзявайцеся ды, можа, чаго з’ясцё.

 

Сцяпан. А можа, гэта і добра, каханенькая-родненькая… Каб ты кіслай ды гарачай капусты. (Скідае вопратку і кідае на куфар)

 

Скіну бурку, скіну боты

Дый надзену лапці;

Кожны дурань ці разумны-

Пан у сваёй хаце.

 

Альжбета працягвае ругаецца на Сцяпана. –Вось жа выбраў час. Зараз дзяўчаты на свята да нас збірацца пачнуць, а ты тут сметнік развёў!

Сцяпан. –Э, жонка, гуляць – гуляй, а справе ганьбы не давай. А я гляджу, чаго гэта ты сёння, каханенькая-родненькая, як падмеценая.

Альжбета (беручы мяцёлку і пачынаючы месці). А ну-ка хаця с сярэдзіны хаты ссунся.

 

Сцяпан (прыбіраецца ўбок, звяртаецца да Паўлінкі) – Гэта ты ўжо, каханенькая-родненькая, нешта прыдумала?

 

Паўлінка. –А што тут прыдумаеш? Хіба, татка, забыліся на простую прыпаведзь?...

 

Мы сягоння ладзім свята

Клічам госцейкаў у хату,

Той Багача нашага варты,

Хто сябруе з песняй, з жартам.

 

Сцяпан (нібы злуючыся). Дык, каханенькая-родненькая, і другая прымаўка ёсць: “Усё скакалі і спявалі, а кубельцы пусты сталі. А як у місцы пуста-не паскачаш густа”

(Чуецца стук. Уваходзяць Пятрок і Міхась).

 

Госці –Добры дзень у хату!

 

Пятрок - Нешта дзядзька Сцяпан сварыцца дужа. Ці, можа, гасцям не рады?

 

Сцяпан–О, хлопцы, добры дзень! Скорыя ж вы на нагу. І ў воласць, і з воласці так хутка патрапілі. Праходзьце, сядайце. Ды хваліцеся, што чулі, што бачылі!

 

Міхась –Ат, што расказваць. Многа, што ў свеце цікавага. Вось і кніжку новую з вершамі ды загадкамі набылі. А вершыкі якія цікавыя… Так спраўна ды складна напісаны!

 

Пятрок –А загадкі якія цудоўныя. Можа, дзядзька, захоча разгадаць (чытае загадкі)

 

Сцяпан.-Вось пацешылі, каханенькія-родненькія,дык пацешылі!. Сядайце зручней да стала. (Паўлінцы) Так што, можна лічыць, распачалі мы ўжо свята?

(Чуецца музыка, у хату уваходзяць хлопцы і дзяўчаты).

Дзяўчаты –Добры вечар у хату! Прымайце на свята, гаспадары, а мы вам песню заспяваем. (Гучыць песня).

 

Госці рассаджваюцца на лавах, зэдліках. Гаспадыня і Паўлінка частуюць гасцей.

 

Альжбета (нібы выглядае ў акно). –Глянце, глянце! Ці не кум гэта з кумою на кірмаш сабраліся, сёння якраз жа свята?

 

На сцэну “ўлятае” Пранцісь. Следам ляцяць клумкі. Агата выносіць кош. Робіць гэта мітусліва бязладна.

 

Агата (да Пранціся)-Ды варушыся ты хутчэй, рызнік! Ніколі, як у людзі, у час не выберымся.

 

Пранцісь –Собственно, вось-цо-да, не камандуй, баба! Я маю розум растаропны, сам патраплю, як лепей зрабіць.

 

Збіраюць клумкі. Клумкі падаюць.

Альжбета -А мае ж вы родненькія, ці ж гэта вы ўсё яшчэ на кірмаш едзеце? Здаецца ж, раней  за нас выехалі?

 

Пранцісь -Собственно, вось- цо-да, кабыла заблудзіла, пане дабрадзею.

 

Агата. Тудэма-сюдэма, ці ж гэта мачыляпа калі прыехаў у сваім часе. Ён жа, як рызнік, то туды, то сюды блытаецца па дарозе.

 

Пранцісь. Пане дабрадзею, тваё бабскае дзела-маўчаць! Я, собственно, вось-цо-да,  спрытны-тонка панімаю, што і як раблю. Ды і навошта нам сёння той кірмаш? У кума вунь свята ладзіцца. Дзяўчаты збіраюцца. Я, каханенькая –родненькая, лепш тут застануся!

 

Музычны нумар.

 

У хату ўвальваецца ўраднік Нагайкін.

Нагайкін - Здравія жалаю.

Сцяпан - Добрае здароўечка, пан ураднік.

Альжбета.-Праходзьце, сядайце, калі ласка!

Нагайкі – Няма калі расседжвацца-на службе.

Пранцісь. – Служба не воўк-у лес не ўцячэ.

Нагайкін-Такім парадкам можна немаведама да чаго дагаварыцца. Вы на такой вялікай службе не стаіцё, а мы павінны за парадкам сачыць, павінны абараняць усё царства ад унутраных непрыяцеляў.

 

Пранцісь (жартам) –І многа іх?

 

Нагайкін –Каго?

Пранцісь –Ну, гэтых, як іх… унутраных непрыяцелеў?

 

Нагайкін – Ого, развялося! А ў вас, што тут за зборышча?

 

Паўлінка –Гэта не зборышча, пан ураднік, гэта свята Багач!

 

Сцяпан – Вось, сядайце да стала, гарбаты гарачанькай папіце, паслухайце, як дзяўчаты спяваюць.

 

Гучыць песня

Апошнія словы песні заглушае бразгат у сенцах. У дзвярах паяўляецца пан Адольф.

 

Адольф – Пахвалёны ў хату.

 

Усе –Навекі.

Адольф – Выбачайце, што трохі прыпазніўся. Але гэта вінаваты мой конь. Як панёс з гары, што каля Прытыкаў,- і мяне выкінуў, і вось у брычцы зламаў: праз тое і замарудзіў.

 

Пранцісь –Каб ён толькі дыхаў. Які яго чорт нёс? Прыстаў конь, і ўсё тут.

 

Адольф –А што гэта ў вас тут за гасціны?

 

Альжбета  -Багач у нас, пан Адольф. Паўлінка, займай госця!

 

Паўлінка – Далучайцеся, пан Адольф, да нашай кампаніі, а то ўжо ногі чэшуцца, так і хочацца з вамі Лявоніху сыпнуць.

 

Адольф –Фі! Я такіх мужыцкіх танцаў не гуляю.

 

Паўлінка –Ну тады, можа, пан, нам што-небудзь паспявае? Я чула, што пан вельмі пекны голас мае.

 

Адольф –Э-э! Які там пекны. Ось так сабе. Канешне, лепшы, чым у іншых. А якую б, Паўлінка, песню хацела?

 

Паўлінка – А ўсё роўна, хоць якую! Ну, якая у пана лепей выходзіць.

 

Адольф (спявае): Плавыё голэмбі,

                                Лётае лабэндзі

                                З нашага кахання,

                                Пэўна, ніц не будзе.

 

Паўлінка – А такі ж нічога не будзе.

Агата-Ці ж гэта “голэмбі” плаваюць, а “ламбэндзі” лятаюць?

 

Адольф –Ну калі перабіваеце, дык зусім не буду пець.

 

Паўлінка – Дык лепш мы з дзяўчатамі спяём, калі наш пан Адольф такі некемкі, што нават жартаў не разумее.

 

(Гучыць песня)

Пранцісь – Собственно, вось-цо-да, шаноўныя госці, ці не надакучылі вам гаспадары? Ды і гаспадар, як кажуць, госцю гадзі ды і сябе глядзі.

Госці – Праўда, пра нам і чэсць знаць! Пэўна ўжо і дамоў рухацца.

 

Пранцісь –Збіраемся , даражэнькія, да хаты. Дзякуем гаспадарам, дзякуем усім за свята.

 

Гучыць песня “Бываце здаровы..”

bottom of page