Каляды
Складальнік - Канонік І.С.
– Добры дзень, шаноўныя людзі! Сення мы запрашаем вас на Каляды.
Калядны вечар займае неба.
І месяц свеціць ля Бэтлеема.
Чакае свечка малітвы шчырай,
Чуваць анёлаў мне шоргат крылаў.
На сене плача маленькі Езус.
Дзяўчына марыць, што сваты едуць.
Збяруцца мроі ў ціхай хаце.
Дары пакінуць свае Дзіцяці.
Святая песня ляціць у неба.
Дзе месяц свеціць ля Бэтлеема.
– Зорка Бэтлеему! Усе людзі чакаюць таго часу, калі ты заззяеш на зімовым вечаровым небе і павядзеш усіх нас у Бэтлеем, дзе нарадзіўся маленькі Езу.
– Езу маленькі! У гэтыя дні многія давераць Табе свае крыўды і беды, і Ты суцешыш іх.
– Няхай жа не застанецца ніводнага сэрца, якое б не адкрылася Табе!
– Езу, Ты прыйшоў да людзей сцюдзенай ноччу, каб абагрэць іх. Дзякуем Табе!
– Езу, святло Твоёй стаенкі рассейвае самую злую цямрэчу. Дзякуем Табе!
– Езу, Ты прыходзіш, каб навучыць усіх любіць і быць шчаслівым. Дзякуем Табе!
– Езу, шмат людзей жыве ў злосці і нянавісці – няхай жа яны пазнаюць Тваю любоў. Просім цябе.
– Езу, няхай кожны чалавек зразумее, што стаць шчаслівым можна толькі ў Бэтлееме. Просім цябе.
– Езу, няхай дарослыя і дзеці праслаўляюць Бога пры стаенцы. Славім Цябе, Езу!
Гучыць мелодыя песні “Ціхая ноч”.
– Вігілія Божага нараджэння… Гэта значыць – начная варта. Бяссонная ноч, ноч чування.
– Вернікі чакаюць Яго на працягу ўсёй ночы ў малітве.
– У Вігілію Божага нараджэння ўсе захоўваюць абавязак устрымання ад мясной ежы. А да вігілійнай вячэры рыхтуецца ўся сям’я.
Вечар сінее над белай зямлею.
Сцелюцца цені на доле –
У кожнай хаціначцы, кожнай сям’ёю
Зорку чакаюць над домам.
Свет такі чысты, і ен не забрудзіць
Белых адзежаў анёлаў.
Радасцю яснай поўняцца грудзі –
Вечар на дзіва вясёлы.
(Выходзяць Гаспадыры. Гаспадыня нясе яселькі, Гаспадар – сенца і кладзе на стол).
– У цэнтры памяшкання ставяцца яселькі з Дзіцяткам Езусам. А на стале расцілаецца крыху сена – як напамін пра ўбоства бэтлеемскага гроту, дзе Марыя палажыла народжанага Хрыста на сена ў ясельках.
(У гэты час Гаспадыня засцілае стол, а Гаспадар ставіць елачку).
– Стол засцілаецца белым абрусам, упрыгожваецца яловымі лапкамі са свечкамі.
Белае ўсё – снягі і абрусы,
Стол са святочнай куццёю.
Елачкі ўбраны зыркой пацярухай –
Рукі ў нябёсы прасцёрлі.
– У цэнтры стала на талерку, пакрытую сурвэткай, кладзецца аплатак і разгорнутая кніга Евангелля.
(Гаспадыня кладзе аплатак, Гаспадар – Евангелле).
– На стол падаюцца посныя стравы – звычайна іх лік дванаццаць – і безалкагольныя напоі.
(Гаспадары накрываюць стол).
– Сярод традыцыйных вігілійных страваў першым падаецца так званы квас – грыбная поліўка, ставяцца на стол стравы з рыбы, посныя салаты, абавязкова падаюцца аладачкі, падсмажаныя на алеі і палітыя цертым падсалоджаным макам.
– Таксама падаюць кісель і кампот, звараны з сушаных яблыкаў.
– А апошняй падаецца куцця – каша, звараная з ячных крупаў альбо рысу. У кашу можна дадаць мёд, арэхі, курагу, мак.
(Гаспадар запальвае свечку).
– Калі засвеціцца першая зорка на небе – сімвал зоркі бэтлеемскай – сям’я збіраецца пры вігілійным стале. Па даўняй славянскай традыцыі адно месца за сталом застаецца вольнае – як памяць аб памерлых родзічах і аб падарожных, якія неспадзявана могуць пастукаць у дзверы.
– Перш чым сесці за вігілійны стол, людзі дзеляцца аплаткам – тоненькім кавалачкам пшанічнага хлеба.
(Гаспадар дзеліцца з Гаспадыняй аплаткам).
– Ламанне аплатка – гэта напамін пра ламанне хлеба Хрыстом падчас Апошняй Вячэры.
– Ламаючы аплатак, мы складаем адзін аднаму пажаданні, прабачаючы віну і даруючы крыўду.
Кожны бліжэйшаму дзеліць – падносіць
Лісцікі белых аплаткаў.
Ціха анелы спускаюцца ў госці
Ў бела-бялюткіх апратках.
ДЗЕЛІМСЯ АПЛАТКАМ.
– У часе вігілійнай вячэры спяваюць калядкі.
– Завяршаецца вігілійная вячэра малітваю. А потым уся сям’я ідзе на Пастэрку – Урачыстую Святую Імшу.
Вось ужо зорачка ўспыхнула й свеціць –
Не абміне нікога.
Свята прыйшло, дачакаліся дзеці – Сення Народзіны Бога!
– А на наступны дзень людзі святкуюць Нараджэнне Хрыста і чакаюць у госці калядоўшчыкаў. Бо ў народзе кажуць, што, калі прыйдуць калядоўшчыкі, будзе шчасце ў хаце аж да наступных Калядаў.
Дзяўчыны спяваюць песню “ЦІХАЯ НОЧ”.
На сцэне хатка з акном. Тут месца для вядучых – гаспадароў дзяцькі Цярэшкі і цёткі Шчодры. Пасярэдзіне накрыты стол. На ім традыцыйныя калядныя стравы – аладкі, бліны, булкі з медам і макам, дранікі, арэхі.
Дзядзька з цёткай сядзяць за сталом.
Цетка. Ах, калядачкі, бліны-ладачкі! Што сядзіш ты (да дзяцькі), нос павесіўшы? Ці не ведаеш, як правядзеш калядны вечар, такім і год будзе? Вечар сення дзіўны, прыгожы, значыць вялікіх цяжкасцяў можна не чакаць. А колькі ежы на стале! Значыць галоднымі не будзем! А калі мы яшчэ паспяваем песню, то шчасце нашу хату не абміне.
Дзядзька з цеткай спяваюць песню “КАЛЯДА”. А як спелі, гаспадар перажыгнаецца на покуці, а цетка насупраць яго і пытаецца:
Цётка: Ці бачыш ты мяне?
Дзядзька: Не бачу!
Цётка: Каб жа ты не бачыў за стагамі, за капамі, за вазамі, за снапамі свету!
Дзядзька: Баба, ці бачыш ты мяне?
Цётка: Не бачу!
Дзядзька: Каб жа ты не бачыла за агуркамі, за гарбузамі, за капустай, за буракамі свету!
– Дай, Божа, каб твае снапы так хутка падалі на ніве!
Цётка бярэ качаргу і штурхае дзядзьку. Ен хутка падае на лаўку.
За дзвярыма чуецца смех, галасы.
Гаспадыня: Ото ж зоры, як сонейка, заззялі, дык гэта ж калядоўшчыкі ідуць!
Раскрываюцца дзверы, заходзяць калядоўшчыкі. Адзін трымае калядную зорку, другі – запявала, адзін апрануты ў казу, іншыя ў мядзведзя, у цыгана і адзін механоша з мехам за плячыма. Калядоўшчыкі ўваходзяць з песняй “ДОБРЫ ВЕЧАР”, кланяюцца гаспадыні, гасцям у зале.
– Добры вечар Вам, ці рады вы нам?
Цётка: Мы то рады. Ды хто вы такія?
– Мы люд не просты, з далёкага краю, людцы ўсе сталыя з-пад самага раю.
Цетка: Адкуль ідзяце?
– Ідзём мы здалёку, каб праславіць Пана Бога, аб’явіць Добрую навіну, што Дзева Марыя нарадзіла Сына. А з сабою казу вядзём і радасць нясём.
– Ці шырокія сцены, каб нам патанцаваці?
– Ці добрая гаспадыня, каб нас пачаставаці?
Цётка: Гаспадыня добрая і нават шчодрая. Ды за што вас частаваці? Спачатку трэба распяваці!
Усе разам спяваюць песню “А УЧОРА З ВЯЧОРА”.
– Ну, можа зараз гаспадынька пачастуе?
Калядоўшчыкі:
Добры вечар, гаспадару!
Вынесь нам каўбас пару.
Ой, хадзі каля печкі,
Пашукай нам перапечкі!
Вынесь сала, не скупіся,
Каб твой ячмень урадзіўся,
Каб нажалі сто коп жыта,
Каб сям’я была ўся сыта,
Каб скацінка вадзілася,
Каб пшаніца радзілася.
Хутчэй дарыце, нас не марыце.
Кароткія світкі, памерзлі лыткі.
Кароткія кажушкі, павылазяць душкі!
Цётка: Спяваеце вы то добра, але козачка ваша нешта кульгавая!
– О, козачка, пакажы, што ты ўмеешь!
Калядоўшчыкі спяваюць песню “ГО-ГО-ГО, КАЗА”.
Усе дзейства козачка паказвае. Спачатку каза танцуе, але потым пачынае наравіцца, тупаць нагамі, бадаць павадыра рагамі, біць капытамі, за што павадыр б’е казу посахам.
– Ой, каза, ты не ляніся, гаспадынечцы пакланіся!
Каза кланяецца гаспадыні, але не ўтрымліваецца на нагах і падае на падлогу, дрыгае нагамі. Усе калядоўшчыкі хапаюцца за галаву, лямантуюць.
– Ой, козачка, а што ж гэта з табою? А чаго ж ты павалілася? Чаго табе даць, каб ты паднялася?
Каза пачынае выпрошваць каляду:
– Каўбаскі хачу!
Гаспадыня дае, але каза не ўстае.
– Блінчыкаў!
Гаспадыня ўсё ў мех механошы кідае.
– Рэшата аўса, каб я была сыта!
Калядоўшчыкі (спяваюць):
Гаспадынечка, журавіначка,
Бяры свечачку, ідзі ў клетачку,
Нясі рэшата аўса,
Наверх каўбаса і кусок сала,
Каб козачка ўстала.
Козачка падымаецца, скача, кланяецца. Усе задаволена частуюць яе. Потым калядлўшчыкі спяваюць песню “ЧАМУ ЖА СЕННЯ”, кланяюцца і выходзяць.
Занавеса.