Багач
Складальнік - Канонік І.С.
Вядучы 1.
Прыйшоў Багач, кідай рагач.
Бяры сявеньку і сей памаленьку!
Вядучы 2. Шаноўныя людзі! Сёння ў нас свята Багач. У мінулым яго адзначалі тады, калі апошні сноп на полі быў дажаты. Перад святам у хаце ўсе чыста мылі, прыбіралі, гатавалі смачную ежу.
Вядучы 1. Галоўны абрадавы атрыбут – лубка, або сявенька, якую плялі з лыка. Яе напаўнялі жытам або пшаніцай, а пасярэдзіне ставілі свечку. Гэта і ёсць “Багач”, які з песнямі, пажаданнямі і музыкай пераносіўся з хаты ў хату, сваім прыходам жадаючы гаспадарам шчасця, здароўя, дастатку.
Вядучы 2. Пасля абходу “Багач” ставілі на пачэсным куце ў апошняй хаце. Там ён заставаўся да наступнай восені.
Вядучы 1. Маці Божая Марыя лічылася заступніцай гэтага свята – свята ўраджаю і сяўбы.
Пасярэдзіне сцэны стаіць сноп. Дзяўчынка падбягае да снапа.
Гаварыла поле шырокае, жыта яранае:
“Жнейкі, жнейкі мае маладыя, сярпы залатыя,
Прыходзьце ка мне заўтра рана,
Каб я недажатым не стала.
Не хачу я ў полі стаяці,
Апошнімі каласамі махаці,
А толькі хачу ў полі – стагамі,
А ў гумне – капамі”.
Выходзіць група дзяўчынак, спявае песню.
1. Як на нашай ніўцы сёння дажынкі.
Дзіва, дзіва.
2. Да краю дажнёмся, мёду нап’емся.
Дзіва, дзіва.
3. Наш хазяін Савасцей дасць гарэлкі берасцень.
Дзіва, дзіва.
4. Хазяйка цяпера паставіць вячэру.
Дзіва, дзіва.
Усе пакідаюць сцэну.
Уваходзіць па-святочнаму апранутая гаспадыня з вышытым настольнікам, якім засцілае стол.
Гаспадыня (гучна). Васіль, прынясі мне, калі ласка, тыя кветкі, што ў збане стаяць.
Уваходзіць Гаспадар з букетам галінак рабіны і лісця.
Гаспадар. Можа, ніхто не прыйдзе, а ты ўсё ўвіхаешся.
Гаспадыня. (Ставячы букет на стол). Прыйдуць, абавязкова прыйдуць. Ідзі, Васілька, апраніся па-святочнаму: сёння ж Багач, а я тым часам накрою на стол.
Гаспадар. Ды іду ўжо, Мар’ечка, іду. (Выходзіць).
Гаспадыня з суседняга пакоя выносіць і ставіць на стол рознае рэчыва, агародніну, садавіну, вараную бульбу, кісель, агуркі, яблыкі. За сцэнай чуецца музыка.
Гаспадыня. Васіль, дзе ты падзеўся? Ужо госці ідуць, Багач нясуць.
Гучыць беларуская полька. Заходзіць Гаспадар. Малады хлопец нясе плеценую лубку з жытам і свечкай пасярэдзіне. За ім ідуць госці.
1. (Сеючы зерне).
Ідзе Багач багаты –
Адчыняй дзверы, хто яму рады!
2. Ідзе Багач чыстымі нівамі,
Вядзе багаты ўраджай вазамі.
3. Прыйшоў Багач –
Кідай рагач!
4. Бяры сявеньку
Ды сей памаленьку.
5. “Багача” на пачэсны кут адпраўляем.
6. (З паклонам).
А вам шчасця, здароўя,
Дастатку жадаем.
7. Дык няхай жа вам будзе
чыста ў полі!
8. Багата ў хаце!
9. Даўгалецця і згоды!
10. Век гора не знаці!
Гаспадар (з паклонам). Дзякуй, дзякуй, што хату не абышлі!
Гаспадыня. Добрыя словы для гас знайшлі!
11. Дзякуй вам, што нас добра прымаеце!
Гаспадар. А цяпер, дарагія госцейкі, за стол сядайце.
Гаспадыня. Нашых пачастункаў паспытайце!
Госці садзяцца за стол, частуюцца, хваляць гаспадароў за смачную ежу.
Гучыць “Лявоніха”.
12. Няхай вам, гаспадарочкі, заўсёды шанцуе,
Няхай вам жыцце шчасце даруе!
Гаспадары. Дзякуй! Дзякуй!
(Чуецца стук ў дзверы).
Гаспадар. Калі ласка, заходзьце.
(Уваходзіць дзяўчына ў квяцістым ўбранні з кошыкам садавіны і агародніны ў руках. На галаве ў яе вянок з кветак, лісця, каласкоў).
Гаспадыня (радасна). Дык гэта ж багіня Восень. Праходзьце, калі ласка, будзьце, яе дома.
Усе разам: Восень, восень, у госці просім!
Восень.
Добры дзень у хату! (Кланяецца гасцям і гаспадарам). Хай вам жывецца заўседы багата! (Абсыпае ўсіх жоўтым лісцем).
Прыскакала восень на залатым канёчку,
Ураджай багаты прывезла гаспадарочкам.
Дастаткам і радасцю людзей адарыла,
Ярка-жоўтым золатам усё наўкол пакрыла.
Гаспадыня.
Восень, Восень! Прывітанне!
Рады мы тваім дарам!
У цябе мы запытаем:
- Што прынесла, Восень, нам?
Восень. Я прынесла вам мукі.
1. Значыць будуць піражкі!
Восень. Я прынесла грэчкі!
2. Будуць перапечкі!
Восень. Буракоў, капусты, круп…
3. Будзе боршч і будзе суп.
Восень. Ці рады вы грушам?
4. На зіму насушым…
Восень. Ну, а яблыкі, што мёд!
5. На варэнне, на кампот!
Восень. Я прынесла мёду!
6. Поўную калоду!
Гаспадар.
Ты і яблык, ты і меду, ты і хлеба нам дала.
Ну, а добрае надвор’е ты для нас не прыпасла?
Восень. Я пашлю вам дожджык з неба!
7. Не, не хочам, нам не трэба!
Дожджык, не перашкаджай,
Мы збіраем ураджай.
Восень.
Будзе ў вас багаты год.
А цяпер – у карагод!
Няхай рука гаспадара гэтай хаты
Будзе легкай і багатай!
Восень надзявае жытнёвы вянок на галаву гаспадара. Усе водзяць карагод, у сярэдзіне стаіць гаспадар. А ўсе спяваюць:
1. Свайму гаспадару
Мы зрабілі славу.
Жытачка нажалі,
У копы склалі – 2 разы,
Сеяць наказалі.
2. Гаспадару, дажынкаў час –
Адары ты нас – 2 разы.
Гаспадару наш,
Адары ты нас.
3. Пойдзем, пойдзем са двара
Мы да дзяцькі Захара,
Адары ты нас – 2 разы.
Гаспадыня.
Дорым збаночак мёду,
Каб салодка было на дарогу.
Гаспадар.
А яшчэ дорым грошы,
Каб кожны быў прыхожы і харошы!
Госці: Дзякуй, дзякуй!
1. Дай жа, Божа, гэтай хаце
Ніколі дрэннага не знаці!
2. Каб было чым насяваці, абсяваці!
3. Ды яшчэ болей жаць, пажынаці!
Усе разам: А праз год новага Багача дачакаці. (Паклон).
Гучыць вясёлая музыка.