top of page

Дзіцячыя вячоркі

Мэты:

  • Пазнаёміць юных гледачоўз разнастайнымі жанрамі дзіцячага фальклору, а таксамаз прызначэннем , відамі і сімволікай нацыянальнага ручніка;

  • Развіваць творчыя здольнасці;

  • Стварыць умовы для выхавання ў сучасных падлеткаў цікавасці да сваёй нацыянальнай духоўнай спадчыны;

 

Дзейныя асобы:
Бабуля Алена, сталая рухавая жанчына 60 – 70-ці гадоў, гаспадыня хаты.
Насця і Павел, яе ўнукі, сястра і брат, абоім 9 – 12 гадоў.
Некалькі дзяўчынак і хлопчыкаў, равеснікаў Насці і Паўла.
Дзядзька Мікола, цётка Ганна, бацькі сябровак Насці.

Ціха гучыць фанаграма беларускай народнай мелодыі. Насця і Павел трымаюць адзін доўгі белы ручнік, які па канцах вышыты чорнымі і чырвонымі крыжыкамі. У глыбіні сцэны ціха з’яўляецца бабуля Алена. Яна падыходзіць да дзяцей. Музыка сціхае.

 

Бабуля. І чым гэта вы, мае дзеткі, тут заняты? І хто ж гэта вам дазволіў адкрываць мой куфар?


Насця. Ой, выбачай, бабулечка! Мы вырашылі паглядзець твой прыгожы вясельны куфар і ручнік.


Бабуля. Ой, так, мае дзеткі! Гэта сапраўды мой вясельны ручнічок, падножнікам называецца. Калі я была яшчэ маладая і выходзіла замуж за вашага дзеда Васіля, то ў час вянчання  ў царкве мы з ім стаялі на гэтым белым  доўгім ручніку. Перад Богам і людзьмі кляліся навечна адно аднаму ў вернасці і каханні.


Павел. Бабуля, а чаму ён такі доўгі і белы?


Бабуля. Доўгі і белы чаму?  Відаць, таму ён доўгі, мае дзеткі, каб я з вашым дзедам шмат гадоў, аж да самае смерці, у пары жыла. А белы?  Напэўна, каб мы былі сумленнымі, давяралі адно аднаму, былі чыстымі ў думках і справах сваіх.

 

Насця.  Бабулечка, а што гэта за дзіўныя ўзоры на ім: чырвоныя і чорныя крыжыкі  па канцах?


Бабуля.  Так, і сапраўды: цікавыя і загадкавыя вышыўкі на ім. Чорныя крыжыкі – гэта, відаць, наша зямля, глеба, куды кідаюць зерне ў час сяўбы. А чырвоныя – гэта, няйнакш, зярняткі і сонца, што даюць цяпло і жыццё ўсяму жывому.  А можа, мае дзеткі, гэта яшчэ і радасць, і сум. Не заўсёды ж у людзей вяселле бывае, прыходзіць і бяда. А што гэта вы мяне апанавалі ўсякімі пытаннямі?  Давайце лепш, мае дарагія, я вас навучу танцу маёй маладосці.

 

Танец “Кракавяк”

 

У хату ўваходзяць чатыры дзяўчынкі, таксама апранутыя па-святочнаму.

 

Наталька. Добры вечар у хату!


Насця. Добры вечар, дзяўчаткі! Заходзьце, калі ласка, сядайце.


Наталька. Прабачце, калі ласка, бабуля Алена, што парушылі Ваш пакой, але мы прыйшлі да вас на вячоркі.


Каця.  Нядаўна нашы бацькі пайшлі да цёткі Агаткі. Ну, а мы, каб не сумаваць ды і вас павесяліць, таксама ціхенька падаліся  за дзедам следам.


Бабуля. Сядайце, мае харошыя, уладкоўвайцеся! Толькі дужа не шуміце і не тузайцеся. А я пайду на кароўку зірну, ацяліцца вось-вось павінна.

Выходзіць.

 

Наталька.  Ох, заўтра і вецер будзе!


Павел.  А ты адкуль гэта ведаеш, такая разумная?!


Наталька. Як жа ж адкуль? Ды прыкмета   ёсць народная: калі вераб’і пералятаюць з месца на месца – чакай моцнага ветру. Ды і нашы гусі і куры пахавалі галовы ў пер’е і стаяць на адной назе – таксама на холад. А яшчэ я нядаўна чула ад майго дзядулі, што гэтая вясна наогул будзе сухая, бо мышы зрабілі гнёзды ў нашай саломе нізка (паказвае), пры самай зямлі. І яшчэ дзед казаў, што год гэты мокрым будзе, бо вольха распусцілася раней бярозы. Вось як!

 

Павел. Ну ты і вучоная, доўгая шкарпэтка!

 

Наталька. Што?! Зноў ты… Курачка зняслася. Яечка ляжыць, а Пашка не бяжыць.

 

Павел (ледзь не плача). А ты! А ты…


Насця. Годзе, блазнота! Зачалі сварку, як наша Лерка.


Каця. А давайце я вам адну загадку загадаю. Хочаце ці не? (Усе  згаджаюцца.)

Ну, дык уважліва слухайце: пакуль бацька нарадзіўся, сын па свеце нахадзіўся. (Агонь і дым.)
Усе дзеці ўразнабой даюць розныя адказы: правільныя і памылковыя.
Зноў усе прысутныя спрабуюць адгадаць загадку.


Юрась. А вось мая загадка: вырас лес белы ўвесь: ні зайсці ў яго, ні ўехаць.


(Малюнкі марозу на вокнах.)

Таксама  загадкі загадваюць Алеся і Іра.


Насця. А вось і бабуля мая прыйшла.


Бабуля  Алена. Ну, як вы тут, мае дзеткі, не сумуеце?  А нядаўна я на лузе бусла сустрэла. Значыць, ужо і яны прыляцелі. А ці ведаеце вы, чаму бусел лягушак і вужоў збірае?  Ну дык слухайце!

 

Калі Бог зрабіў лягушак і вужоў, то злажыў іх у мяшок і даў яго трымаць бацяну, сказаўшы, каб ён туды не глядзеў.

 

Бацяна ўзяла цікавасць, і ён расхіліў мяшок, каб паглядзець, што там ёсць. Лягушкі і павыскаквалі. Прыйшоў Гасподзь і ўбачыў, што бацян выпусціў усіх, узяў дубец і зачаў бусла гасіць па заду. Ад гэтага ў бацяна зад і чорны. І сказаў яму Гасподзь:
–  Усё жыццё хадзіць табе па балоце і збіраць тых лягушак, што павыпускаў. Вось як было.

Усе дзеці загаманілі са здзіўленнем.

Павел. А хочаце паслухаць анекдот, які мне сёння мой бацька расказаў? Слухайце.


– А што, Янук, ці спадабалася табе твая новая настаўніца? – пытае маці ў сына.
– Ды яна, мамачка, нічога сабе, і не старая. Але, мусіць, мала вучылася, бо ўсё ў мяне пытаецца.


Насця.  Дзяўчаткі, можа, давайце паспяваем?

Дзяўчынкі згаджаюцца.


У выкананні дзяцей гучаць песні  “Васілёк” і “Полечка-трасуха”.

За кулісамі чуваць галасы. Першым заходзіць з рэменем у руках дзядзька Мікола, за ім – цётка Ганна.

Дзядзька  Мікола. А вось яны дзе! Мы з маці з ног збіліся, шукаючы яе. А яна ў цёткі Алены прападае. Ну, і дам!

 

Цётка  Ганна (звяртаючыся да дачкі). Я ж цябе, мая галубка, аб чым прасіла? Каб Мікітку паглядзела. А яна – вы бачыце?! – зноў да Насці збегла, як тая козачка ў агарод. Ну, і дам! Ну, і атрымаеш ты ў мяне!


Бабуля  Алена. Ну, і чаго вы тут разышліся, раскрычаліся? Ці даўно самі такія былі? Лепш павучыце гэтую блазноту словам добрым, песням і танцам нашым.


Насця.  І праўда, дзядзька Мікола і цётка Ганна! Можа, вы нам таксама што-небудзь праспявалі б?  Я чула, што вы такія прыгожыя галасы маеце.

Усе дзеці просяць.


Гучаць песні “Ой, ляцелі гусі з броду”, “Чаму ж мне не пець”.


Танец “Кракавяк”.

Наталька.  Нам ужо і дамоў пара.

Усе (разам). Бывайце здаровы!
 

bottom of page